Навігацыя:

<
.: Галоўная
+ Галоўная
+ Форум
+ Гасьцёўня

.: Толкін
+ Біяграфія
+ Храналёгія жыцьця
+ Фотаздымкі

.: Сярэдзінныя Землі
+ Краіны
+ Расы
+ Валар
+ Майар
+ Мапа

.: Пераклад
+ Проза
+ Вершы
+ Лiсты

.: Дасьледваньні
+ Менескон 2004
+ Яшчэ даклады
>





Галасаваньне:


Далучайся да нашай icq групы

http://rpg.by/ <
>
 
 
<

Ліст 190.

>
<|Ліст 190.||Ліст 217.|>

 

<Зь ліста да Райнэра Ануіна ад 3 ліпеня 1956 года

[У чэрвені Толкін атрымаў з аддзелу па замежных выданьнях выдавецтва Аллен & Ануін сьпіс галяндскіх варыянтаў геаграфічных назваў з "Валадара Пярсьцёнкаў", зроблены перакладчыкам, з паметкаю: "Калі ласка, адашліце яго назад з вашым, мы спадзяемся, ухваленьнем."]

Я спадзяюся, вы і аддзел па замежных выданьнях даруеце мне тое, што я, нарэшце, адказваю пра галяндскі пераклад вам. Гэта вельмі важнае (для мяне) пытаньне; я занепакоены і раззлаваны, і быў вымушаны зрабіць вялікую непатрэбную працу ў самы непадыходзячы час.

Я ў прынцыпе супраць усякага перакладу імёнаў (нават дасьведчаным чалавекам). Я ня ведаю, чаму перакладчык лічыць, што ён закліканы ці ўпаўнаважаны рабіць такія рэчы. Тое, што гэты сьвет "уяўны", не дае яму аніякага права перарабляць яго па свайму густу, калі б нават ён мог за некалькі месяцаў зрабіць новую завершаную сістэму імёнаў, замест той, над якой я працаваў гады.

Я ўпэўнены, што калі б хоббіты ў маёй кнізе гаворылі на італьянскай, ці рускай, ці кітайскай, ці яшчэ на нейкай мове, перакладчык пакінуў бы імёны як ёсьць. Ці калі б я сьцьвярджаў, што "Шыр" - гэта нейкі выдуманы Лоамшыр [1] у сапраўднай Англіі. Аднак насамрэч для ўяўнай краіны і ўяўнага часу прадуманая сістэма назваў нават важнейшая, чым для "гістарычнага" раману. Але, бясспрэчна, калі мы адкінем "прыдумку" пра старажытныя часы, за аснову "Шыру" ўзятая вясковая Англія, а не якая-небудзь іншая краіна, і Галяндыя тут падыходзіць магчыма найменш з усёй Эўропы, з-за розьніцы ў тапаніміцы. (Розьніца гэтае настолькі вялікая, што, нягледзячы на роднасьць і, шмат у чым, падабенства моваў, якія павінныя спрасьціць працу перакладчыка, галяндскія тапонімы ў дадзеным выпадку зусім не падыходзяць.) Геаграфічныя назвы Шыру, калі ўзяць першы сьпіс, - "пародыя" на назвы вясковай Англіі, у тым жа сэнсе, у якім пародыяй можна назваць і насельнікаў Шыру. Так, усё разам, яно й было задумана. У рэшце рэшт, кніга ангельcкая, і напісаная ангельцам, і, напэўна, нават той, хто хоча пабачыць размовы герояў на зразумелай яму гаворцы, не пажадае, каб перакладчык зьнішчыў увесь мясцовы калярыт апавяданьня. Я не патрабую ад перакладчыка складаць гласарый, хаця гэта варта было б зрабіць, дзеля тых (нешматлікіх) выпадкаў, калі назва мае істотны сэнс. Я не пажадаў бы ў кнізе пра ўяўнае адлюстраваньне Галяндзіі сустрэць Hedge, Duke'sbush, Eaglehome, ці Applethorn у якасьці перакладаў 'sGravenHage, Hertogenbosch, Arnhem, ці Apeldoorn! Гэтыя "перакладзеныя" назвы - не ангельскія, яны проста бяздомныя.

Насамрэч, Мапа Шыру грае ў аповесьці малую ролю і выконвае перш за ўсё ролю дэкарацыі. Яна, зразумела, абапіраецца на пэўнае знаёмства з анельскай тапанімічнай гісторыяй, якога, здаецца, няма ў перакладчыка (гэтак жа, наколькі я разумею, ня надта ён моцны і ў гісторыі галяндскіх тапонімаў). Аднак яму б і не спатрэбіліся спецыяльныя веды, калі б ён пакінуў назвы як ёсьць. На маю думку, на першай мапе трэба толькі зьмяніць назву на "Een Deel von 'The Shire'". Хаця, думаю, "to" замест "naar" у такіх паказальніках як "to Little Delving" таксама шкоды не наробіць.

Перакладчык, як бачна зь ягонай працы, зазірнуў у Дадаткі, аднак не карыстаўся імі. Ён, напэўна, і не ўсьведамляе, якія стварыў сабе цяжкасьці на будучыню. "Англа-саксонская", ня якой гавораць Рахіррым, ня надта падобная да галяндскай. Карацей, сваімі нязграбнымі пальцамі ён ірве гэтую сетку, нават не разабраўшыся належным чынам, як яна зробленая.

Зразумела, перакладчык не аддаў належнае ўвагі наступнаму істотнаму моманту: нават у тых выпадках (даволі рэдкіх), калі носьбіт мовы можа цалкам прааналізаваць сэнс назвы нейкага месца, ён гэтага звычайна ня робіць. Калі ва ўяўнай краіне выкарыстаныя сапраўдныя назвы, ці то назвы прыдуманыя так, каб адпавядаць знаёмым узорам, яны ўтвараюць завершаную карціну, "гучаць як сапраўдныя", і перакладаць іх зыходзячы з сэнсу недапушчальна. Галяндскія назвы ў гэтага галяндца павінныя тады ўжо гучаць сапраўды па-галяндску. І хаця я ня знаўца галяндскае мовы і мала што ведаю пра асаблівасьці гісторыі нідэрляндскіх тапонімаў, я сумняваюся, што яны адпавядаюць гэтаму патрабаваньню. Прынамсі, шмат якія зь іх бессэнсоўныя ці цалкам памылковыя - уявіце для параўнаньня, што вы сустрэлі ў кнізе Красаваньне, Навамесца, Возера Як, Дакументы, Кумпякоўшчыну ды Зьбянтэжанасьць, а пасьля высьветлілі, што аўтар насамрэч пісаў пра Фларэнцыю, Неапаль, Возера - ці Lago di - Кома, Шартр, Гамбург ды Flushing=Фліссінген!

У якасьці доказу майго пункту гледжаньня прыкладаю падрабязны каментарый да гэтых сьпісаў. Мне падаецца найбольш слушным (а для выдаўца ды перакладчыка, магчыма, і найменш стратным) рабіць у мапах ды назвах як мага меней зьменаў, а замест найнепатрэбнейшага з Дадаткаў надрукаваць у кнізе слоўнік імёнаў (з тлумачэньнямі, але без спасылак). Я магу даць такі слоўнік для перакладу.

Дадам адразу, што я не дазволю гэткіх нядбайнасьцяў з асбістымі імёнамі. Гэта ж датычыцца імя/слова Хоббіт. Мне не патрэбныя аніякія хомпэны (пра якіх, дарэчы, у мяне ніхто не пытаўся), хоббелы ці нехта там яшчэ. Эльфы, цьвергі, тролі - так, гэта ўсё сучасныя адпаведнікі сапраўдных назваў. Але хоббіты (і оркі) належаць да таго сусьвету, і павінны застацца бязь зьменаў, нягледзячы на тое, па-галяндску гэта гучыць, ці не.

Калі вы палічыце гэта недарэчным, я буду засмучаны, аднак, баюся, не зьмяню свайго меркаваньня. Павінны заўважыць, што тыя нешматлікія людзі, зь якімі я маў магчымасьць параіцца, займаюць настолькі ж цьвёрдую пазіцыю. Прынамсі, я не жадаю абыходжаньня a la Mrs Tiggywinkle = Poupette a l'épingle [*]. За якую, трэба сказаць, Б[еатрыкс] П[оттэр] дала перакладчыкам добрага прачуханцу. Хаця, магчыма, яна мала на гэта болей правоў, чым я. Я не лінгвіст, аднак разумею нешта ў імёнах ды назвах, я іх спецыяльна вывучаў, і я сапраўды вельмі раззлаваны.



[*] У кожным разе Canetang=Puddleduck [2] на некалькі парадкаў лепей за гэта! - Аўт.

1 Тэрмін для азначэньня ўяўнага "вясковага" графства.
2 Ад cane, 'качка', + etang, 'копанка'.

Пераклад з ангельскай Антона Брыля>



  Назад | Уверх |Наперад  



Rating All.BY