<Зь ліста ў выдавецтва Аллен & Ануін ад 11 верасьня 1959 года.
[Пра польскі пераклад "Валадара Пярсьцёнкаў"]
Прашу прабачэньня, за сямейнымі клопатамі ды турботамі я зусім забыўся на ліст спадарыні Скібнеўскай.
Я ня маю магчымасьці напісаць ёй шмат парадаў... Я раю ёй кіравацца наступным агульным прынцыпам: як мага меньш зьмяняць ці перакладаць імёны. Яна павінна разумець, што гэта ангельская кніга, і ангельскасьць гэтую трэба захаваць. Вядома, тое, што Хоббіты гаворылі на ўласнай старажытнай мове - гэта псэўдагістарычнае сьцьверджаньне, якога вымагае прырода апавяданьня. Я б мог прывесьці ці вынайсьці арыгінальныя хоббіцкія варыянты ўсіх імёнаў ды назваў, што ў кнізе дадзеныя па-ангельску, як Бэггінс ці Шыр, але ня бачу ў гэтым сэнсу. На мой погляд, усе імёны трэба пакінуць як ёсьць. Я таксама лічу за лепшае, каб не перакладаліся й тапонімы, ў тым ліку Шыр. Мне падаецца найбольш правільным прывесьці ў канцы кнігі сьпіс тых назваў ды імёнаў, што маюць сэнс у ангельскай мове, зь перакладамі ці тлумачэньнямі на польскай.
Пераклад з ангельскай Антона Брыля> |